Каталог выстаўкі 65 год МДМК імя А. К. Глебава 2012

(Aleksei Demchenko) #1

З выкладчыкаў мне запомніліся В.Казак, Л.М.Лейтман, Ф.Л.Лейтман, Паповы, І.Глебаў. Самае выдатнае
было тое, што педагогі не заміналі ў працэсе вучобы. Яны ўважліва назіралі, сваечасова падказвалі і
далікатна дапамагалі ў выбары натуры, пастаноўкі, вызначэнні прапорцый. Разам з выкладчыкамі мы
ездзілі ў Маскву і іншыя месцы на экскурсіі.
Падчас вучобы не хапала матэрыялаў. З гіпсам нам далі працаваць толькі ў Тэатральна-мастацкім
інстытуце. Але была велізарная прага працаваць, працаваць і працаваць, якая засталася на ўсе жыцце.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Сябра БСМ.
Іван Якімавіч Міско




Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава, дзе і я меў гонар вучыцца, – па сутнасці, выдатная стартавая
пляцоўка для шматлікіх ягоных выпускнікоў.
Многія сталі прафесійнымі мастакамі, а некаторыя пайшлі ў іншыя творчыя прафесіі. Да прыкладу,
Валодзя Сцепаненка (творчы псеўданім – Уладзімір Сцяпан), Валодзя Адамчык (псеўданім – Адам Глобус)
знайшлі сябе ў літаратуры, Сяргей Пукст цяпер музыкант і вядучы музычных праграм на радыёканале
“Культура”, нехта стаў рэжысёрам, сцэнарыстам, мастацтвазнаўцам.
Для мяне Мінскае мастацкае вучылішча – гэта перш за ўсё творчы асяродак, які ў 1970-я гады стваралі такія
таленавітыя мастакі і педагогі, як А.А.Малішэўскі, Л.П.Дубар, Л.Д.Шчамялёў, М.Я.Лісоўскі, А.В.Луцэвіч,
Л.В.Лапчынскі, Ю.Ф.Выхадцаў, В.І.Вярсоцкі, А.Ц.Салькоў, В.Ф.Ярмоленка, К.Ф.Шастоўскі, В.М.Варламаў ды
іншыя.
Я ўдзячны маім педагогам Г.С.Лісоўскай, Ф.Л.Лейтман, Д.В.Сарока, В.І.Васільеву, І.І.Глазавай, І.П.Каленіку,
В.В.Ісакаву, В.К.Рускевічу, І.П.Чухраеву, якія вучылі нас не толькі прафесіі, не толькі любові да мастацтва,
але і мудраму стаўленню да жыцця. Неаднойчы я карыстаўся добрымі парадамі А.М.Зінчука, Г.Т.Злотнік,
І.В.Краўчанка, І.Л.Эйдэльмана, за што і ім таксама ўдзячны.
Потым я вучыўся яшчэ ў іншых навучальных установах, але з асаблівай цеплынёй успамінаю цудоўныя гады
навучання менавіта ў Мінскай мастацкай вучэльні, дзе знайшоў сяброў і дарадцаў на доўгія гады.
Мастацтвазнаўца, лаурэат Нацыянальнай прэміі за духоўнае адраджэнне,
дырэктар Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. Сябра БСМ.
Мікалай Міхайлавіч Паграноўскі




Мне дарагія ўспаміны пра гады вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Першы набор вучылішча 1947
года. Жылі студэнты бедна, амаль усе падпрацоўвалі. Снег чысцілі з дахаў, у Оперным тэатры працавалі
гардэробшчыкамі і статыстамі. Але вучыліся з велізарным запалам. Не магло быць і гаворкі пра спазненні і
тым больш прагулы. А пасля заняткаў мы дружна групай ішлі ў Ленінскую бібліятэку і да самага закрыцця
вывучалі альбомы і чыталі кнігі па мастацтву.
На педагогаў мы глядзелі, як на геніяў, і не маглі ўявіць, што калі-небудзь станем такімі мастакамі.
Першы настаўнік Леў Маркавіч Лейтман быў дасціпным чалавекам з добрым пачуццём гумару. Ён пісаў
вершы і нататкі для сценгазеты вучэльні. У яго быў любімы каламбур: «Кто такой ведущий художник? –
пытаўся ён у студэнтаў. – Ведущий художник – это художник, который умеет себя вести». Гэтак жа ў нас
выкладалі выдатныя, як людзі, і вельмі прафесійныя, як педагогі, У.П.Сухаверхаў, Х.Ліўшыц, Ф.М.Раманоўскі,
К.М.Касмачоў, В.К.Цвірка, А.П.Мазалёў, В.В.Волкаў, В.К.Жоўтак. Кожны педагог стараўся нам дапамагчы,
чым мог. Яны прыносілі нейкія аркушы паперы, цюбікі фарбы, акварэль, старыя пэнзлі – ўсё тое, што яшчэ
магло спатрэбіцца нам у навучанні, бо матэрыялы купіць у той час было неверагодна складана.

Free download pdf