***
Скончыўшы школу, я хацеў абавязкова стаць мастаком. Маляванне было маім любімым заняткам з
дзяцінства, і гэтую любоў я пранёс праз усю вайну. Як толькі адкрылася мастацкае вучылішча ў Мінску,
што было вялікай падзеяй, бо да гэтага ў горадзе не было падобнай навучальнай установы, я адразу ж падаў
дакументы і паступіў.
У гэты час Мінск яшчэ ляжаў у руінах, і ў вучылішча не было свайго будынка. Заняткі па спецыяльных
дысцыплінах праходзілі ў памяшканнях Опернага тэатра, а па агульнаадукацыйных прадметах – у школах
па вуліцах А.Герцына і Я.Коласа. Першы набор быў зроблены адразу на два курсы. На першы курс прымалі
маладых хлопцаў, якія толькі скончылі школу. На другі – хлопцаў і дзяўчат старэйшых, якія вярнуліся
з фронту, якія вучыліся да вайны ў розных студыях, гуртках, ці скончылі некалькі курсаў Віцебскага
мастацкага тэхнікума.
У нас былі вельмі добрыя настаўнікі, атрымаўшыя адукацыю ў Маскве ці Ленінградзе, сярод іх Х.Ліўшыц,
А.П.Мазалёў, Л.М.Лейтман, на апошнім курсе В.К.Цвірка.
Са мной вучыліся выдатныя мастакі Г.Г.Паплаўскі, Л.Д.Шчамялёў, В.А.Грамыка, М.А.Савіцкі, В.І.Вярсоцкі,
І.М.Басаў, чые працы ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва.
ММВ адыграла выдатную ролю, стаўшы месцам, дзе сфармавалася ўся беларуская мастацкая школа.
Прафесар, Народны мастак Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі,
узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР. Сябра БСМ.
Май Вольфавіч Данцыг
Вучыцца было цікава.
Першая адкрыла мне жывапіс і паняцце халодных і цёплых таноў Н.І.Галоўчанка. Малюнак у нас вяла маладая
і энергічная скульптарша, якая раскрыла мне таямніцу рэфлексаў. З вялікай цеплынёй успамінаю аднаго
з першых маіх педагогаў Л.М.Лейтмана. Сухенькі, невялікага росту, з кучаравай пасівелай шавялюрай,
чалавек з вострым як у птушкі носам. Ён з павагай ставіўся да ўсіх студэнтаў. Яго дачка, Фрына Львоўна,
выкладала гісторыю мастацтваў. Яна была інтэлігентным і высокаадукаваным педагогам. Выкладалі ў
нас яшчэ мастакі Х.Ліўшыц, Ф.М.Раманоўскі, У.П.Сухаверхаў.
На чацвёртым курсе мы пераехалі з памяшканняў Опернага тэатра ў новыя майстэрні на апошнім паверсе
шматпавярховага дома на рагу вуліцы Даўгаброцкай і праспекта Сталіна. Яны былі прасторныя, з высокімі
столямі і вокнамі ва ўсю сцяну.
Мы ўжо пісалі аголеную натуру. Адна натуршчыца была юна. Яе цела пералівалася перламутрам. Гэта
было незвычайна прыгожа. Захоплены цікавай натурай з намі сеў пісаць эцюд наш выкладчык жывапісу
У.П.Сухаверхаў. Яго эцюд быў вельмі цудоўны. Ён уразіў мяне. Натхніўшыся прыкладам, я напісаў сваю
нядрэнную працу з гэтай жа натуршчыцы.
У юнацтве я сур’ёзна займаўся акрабатыкай. Але гэта захапленне было перашкодай у вучобе. Я часта
ад’язджаў на спаборніцтвы, прапускаў заняткі. Мне пагражала выключэнне. Дзякуй маім педагогам, якія
заступіліся за мяне, і я змог з поспехам скончыць ММВ.
Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага
універсітэта ў Мінску. Сябра БСМ.
Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч
***